Тыдзень беларускай мовы адкрывае навучальны год у Оршы

Агульнагарадскі Тыдзень беларускай мовы праводзіцца ў Оршы. Ініцыятарам акцыі выступіў мясцовы музей гісторыі і культуры. Дырэктарка музею гісторыі і рэлігіі Аршаншчыны Ірына Воранава тлумачыць, што аб’яднацца ў клопаце за родную мову дапамагло замежжа: сёлета беларуская мова была ўнесеная ў Атлас ЮНЭСКА “Мовы свету ў небяспецы”.

Ірына Воранава: “Узнікла гэтая ідэя яшчэ недзе ў чэрвені ці ў ліпені, калі ўпершыню пайшла інфармацыя пра тое, што беларуская мова трапіла ў Атлас ЮНЭСКА. І музейны комплекс задаўся пытаннем яшчэ тады, што штосьці трэба рабіць на ўзроўні горада — такое, каб прыцягнуць увагу як мага большай грамадскасці”.

У праграме, складзенай агульнымі высілкамі самых розных арганізацыяў горада, — шматлікія выставы, экскурсіі, сустрэчы з літаратарамі і пастаноўкі школьных тэатраў. Таксама мясцовыя прыгажуні ў нацыянальных строях будуць раздаваць мінакам на вуліцах тэматычныя ўлёткі. Апафеозам акцыі стануцца паэтычныя чытанні каля помніка Уладзіміру Караткевічу і Канцэрт беларускай песні “Дзівосная кветка народнай душы”.