У 2012 абітурыентаў у ВНУ пачне залічаць кампутар

У 2012 годзе ў Беларусі плануюць упершыню паспрабаваць аўтаматызаваную сістэму залічэння ў ВНУ. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук 25 лістапада на паседжанні калегіі Міністэрства адукацыі ў Мінску. Паводле яго словаў, электронную аўтаматычную сістэму падачы заяваў і залічэння ў ВНУ распрацуюць сумесна з Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй і Нацыянальнай акадэміяй навук. Увогуле ж, на думку намесніка міністра адукацыі, у Беларусі значна прасунуліся ў стварэнні і ўкараненні аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы для рэгістрацыі ўдзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання. У 2010 годзе яна дзейнічала ў рэжыме on-line ва ўсіх навучальных установах.

Гэта дазволіла абітурыентам зарэгістравацца на тэсціраванне ў адным пункце і адразу на ўсе прадметы. Такім чынам ВНУ таксама зэканомілі значную частку фінансавых сродкаў, паведамляе БелаПАН.