У 2013 годзе старшыняваць у АБСЕ будзе Ўкраіна

Украіна будзе старшыняваць у АБСЕ ў 2013 годзе. Такое рашэнне прыняў 23 лістапада Савет міністраў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, паведамляе БелаПАН. Міністр замежных справаў Украіны Канстанцін Грышчанка заявіў, што адзінагалоснае рашэнне стала вынікам актыўнай знешняй палітыкі прэзідэнта і мэтанакіраванай працы ўкраінскай дыпламатыі цягам года. Канстанцін Грышчанка падкрэсліў, што Ўкраіна як пазаблокавая дзяржава і ў далейшым будзе граць канструктыўную аб’яднаўчую ролю ў бяспечным дыялогу з улікам інтарэсаў усіх краінаў рэгіёну АБСЕ. Украінскі бок будзе займаць узважаную пазіцыю пры разглядзе найбольш вострых пытанняў парадку дня арганізацыі.

Сёлета старшынства ў АБСЕ належыць Казахстану, у 2011 годзе пяройдзе да Літвы, а ў 2012 — да Ірландыі. Беларусь з’яўляецца сябрам АБСЕ ад 1992 года.