У аўтааварыі пад Навагрудкам загінулі чатыры чалавекі

У Навагрудскім раёне адбылася страшэнная аўтааварыя. Раніцай у суботу каля вёскі Мількавічы 52-гадовы кіроўца "КІА", які рухаўся ў бок Ліды, парушыў бяспечную дыстанцыю і сутыкнуўся са спадарожным "Нісанам". Ад удару першы аўтамабіль выкінула на сустрэчную паласу руху, дзе адбылося лабавое сутыкненне з "Фольксвагенам Гольфам".

Як паведамляе прэс-служба ДАІ Гродзенскай вобласці, у салоне "Фольксвагена" знаходзіліся 5 чалавек. У выніку аўтааварыі кіроўца і 2 пасажыры памерлі на месцы здарэння, яшчэ адзін пасажыр — ужо ў бальніцы. Траўмы атрымалі яшчэ два чалавекі — пасажыры абодвух легкавікоў.

Кіроўца "КІА" не пацярпеў. У яго адносінах распачалі крымінальную справу.

Фота — ДАІ