У аварыйным доме над дзіцячым пакоем абвалілася столь

На шчасце, пацярпелых няма. 2 ліпеня летась Брэсцкі аблвыканкам прызнаў непрыдатным для пражывання дом па вул. Брэсцкай у Баранавічах. Аднак з'ехаць яго насельнікам няма куды. І вось у кватэры на трэцім паверху абвалілася столь над дзіцячым пакоем. На шчасце, маці сямейства незадоўга да гэтага перавезла траіх дзяцей на здымную кватэру. Астатнія жыхары пакуль застаюцца ў доме.  

Жыхары аварыйнага дома спадзяваліся, што ім дадуць сацыяльнае жыллё ў адмыслова пабудаваным для бедных доме на вул. Машэрава. Але  там ім месца не хапіла. Цяпер  ім прапанавалі ўзяць крэдыт на будаўніцтва на 20 год пад 5% гадавых. Начальнік аддзела жыллёвай палітыкі гарвыканкама Андрэй Сямашка прызнае, што зношанага жылля шмат, і ўсіх жыхароў, якія не маюць грошай на іншае жыллё, перасяліць у адзін сацыяльны дом не ўдасца.