У аварыю пад Беластокам трапілі два "бусікі" з Беларусі. Загінулі 5 чалавек

Аўтааварыя адбылася зранку 15 верасня. Два мікрааўтобусы з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі сутыкнуліся з грузавіком. Пяць чалавек загінулі, трое атрымалі раненні і былі адпраўленыя ў шпіталь.
Паводле папярэдняй інфармацыі польскіх паліцыянтаў, адзін з "бусікаў" пайшоў на абгон другога. Абодва яны ехалі з Беластоку ў бок Варшавы. Падчас абгону мікрааўтобус сутыкнуўся з грузавіком, які ішоў насустрач. У аварыю трапіў і другі "бусік".

Што праўда, паліцыя пакуль не ведае, ці ўсе ахвяры здарэння былі грамадзянамі Беларусі, адзначае onet.pl. Грузавіком кіраваў паляк.