У авіякатастрофе ў ЗША загінулі дзеці

На поўначы амерыканскага штата Мантана адбылася катастрофа лёгкаматорнага самалёта. Загінулі не менш за 16 чалавек, паведамляе ВВС. Аднаматорны турбавінтавы самалёт Pilatis PC-12 швейцарскай вытворчасці,  разлічаны на перавозку 12 чалавек, разбіўся на мясцовых могілках, калі заходзіў на пасадку ў аэрапорце ў горадзе Б'ют. Выжылых пасля катастрофы няма.

Мяркуецца, што самалёт накіроўваўся з Каліфорніі на лыжны курорт, размешчаны ў 136 кіламетрах ад Б'юта. Аднак падчас палёту пілот нечакана змяніў напрамак і паспрабаваў прызямліцца ў аэрапорце гэтага горада.

Да ўзлётна-пасадачнай паласы ён не дацягнуў і зваліўся ў 150 метрах ад яе. Затым адбыўся выбух, і самалёт загарэўся.

Па звестках агенцтва Асашыэйтэд прэс, на борце маглі знаходзіцца дзеці ад 6 да 10 гадоў.