У Бабруйску блогер-кандыдат без праграмы ставіць эксперымент

24-гадовы журналіст незалежнай газеты “Бабруйскі кур’ер”, вядомы бабруйскі блогер Міхась Ларчанка падчас выбараў вырашыў паставіць сацыяльна-палітычны эксперымент, таму і пайшоў у кандыдаты. “Сама ідэя пайсці на выбары — гэта такі мой ход, каб паглядзець як людзі будуць рэагаваць менавіта на такога чалавека, як я. Гэта мой эксперымент. Палітычны ён, таму што гэта выбары — падзея палітычная, а сацыяльны — таму што не з’яўляюся прыкладам дэпутата, бо я не нашу касцюм, маю татуіроўкі, пірсінг. Мне цікава, як людзі будуць да мяне ставіцца, пачынаючы з збору подпісаў, сканчаючы галасаваннем”, — кажа Міхась Ларчанка.

Паводле яго слоў, сутнасць эксперыменту заключаецца ў выніковым падліку галасоў, якія выбарцы аддадуць за “нефармальнага” кандыдата без перадвыбарчай праграмы. На думку Міхася Ларчанкі, гэта пакажа, наколькі людзі абыякавыя да таго, хто станецца ўрэшце дэпутатам і будзе прымаць важныя рашэнні.