У Балгарыі судзяць палітуцекача з Беларусі

Былога апазіцыянера, які атрымаў прытулак у Польшчы, ужо 4 гады шукаюць праз Інтэрпол беларускія праваахоўнікі.
Палітычнага уцекача з Беларусі і прадпрымальніка Аляксандра Міхалоўскага затрымалі ў Балгарыі, куды ён прыехаў адпачыць з жонкай і дзіцем. Замест мора і пляжа Аляксандр цягам 5 дзён бачыў перад сабой турэмныя краты, а сям’я ў няпэўнасці чакала яго ў гатэлі. Цяпер Аляксандра Міхалоўскага выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, аднак толькі да суда 9 ліпеня, распавёў Еўрарадыё сам прадпрымальнік.

Аляксандр Міхалоўскі: “У пятніцу адбудзецца суд, які вырашыць, ці пакінуць мяне з падпіскай аб нявыездзе, ці зноў пасадзяць у турму, дзе я правёў 5 дзён. Пакуль я знаходжуся на волі, то магу хоць неяк уплываць на працэс, звязваюся з кімсьці, збіраю дакументы ў сваю абарону. Мне выдзелілі адваката, але ён не гаворыць ні па-руску, ні па-польску, ні па-беларуску, а толькі па-балгарску. Мне складана з ім кантактаваць”.

Па ініцыятыве беларускіх уладаў Аляксандра Міхалоўскага ўжо 4 гады шукае Інтэрпол. У Беларусі ён займаўся апазіцыйнай дзейнасцю, падтрымліваў БНФ ды балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў ад дэпутацкай групы “Рэспубліка”. У 2006 годзе, калі Аляксандр працаваў на Бабруйскім заводзе вінаградных напояў, яго абвінавацілі ў крадзяжы грошаў. 

Аляксандр Міхалоўскі: “Мяне падазраюць у крадзяжы 90 тысяч долараў, нешта такое. І тое, нават не ў крадзяжы, а ў спробе выкрасці. Там было напісана, што я хацеў выкрасці, але не паспеў, не здолеў, мяне спынілі. Такое было абвінавачанне”.

Пазней абвінавачванні прызналі часткова беспадстаўнымі. Тады Аляксандр Міхалоўскі выехаў ва Ўкраіну, а потым папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. Але на мяжы яго затрымалі польскія памежнікі, пабачыўшы імя ў спісе Інтэрпола. Пасля 4 месяцаў турмы і суда, Аляксандра Міхалоўскага вырашылі не выдаваць беларускім уладам, далі яму статус уцекача і так званы “жэнеўскі пашпарт”.

Аляксандр Міхалоўскі: “У Жэнеўскай канвенцыі ясна напісана, што я маю права на перамяшчэнне па розных краінах, маю права на абарону. Паколькі мяне пераследуюць па палітычных матывах у Беларусі, то я маю права на абарону ад беларускага КДБ і уладаў. Аднак на сённяшні дзень балгарскае правасуддзе супрацоўнічае менавіта з беларускім КДБ, а не з дэмакратычнай Польшчай. Рашэнне польскага суда яны не ўлічваюць у сваіх дзеяннях”. 

Такім чынам, прадпрымальнік з Беларусі апынуўся ў юрыдычнай пастцы. Тэарэтычна праваахоўнікі не маюць права затрымліваць палітычных уцекачоў. Але ў той жа час спіс Інтэрпола таксама ніхто не адмяняў. Выкрасліць адтуль прозвішча Міхалоўскага могуць толькі беларускія следчыя органы, праўда яны рабіць гэтага не збіраюцца. 

Цікава раней ніякіх праблем з замежнымі вандроўкамі ў Аляксандра Міхалоўскага не ўзнікала.

Аляксандр Міхалоўскі: “Я быў у Турцыі і ў розных краінах ЕС. У Шэнгенскай зоне няма праверкі пашпартоў. Але аднойчы ў Вене мяне затрымалі паліцыянты, праўда толькі на 30 хвілін. Яны толькі праверылі, ці сапраўдныя ў мяне дакументы ўцекача, што я сам іх не зрабіў на ксераксе”. 

Зараз Аляксандр Міхалоўскі з сям’ёй здымае кватэру ў Бургасе. Білеты на самалёт дадому ў Польшчу ўжо прапалі, а з гатэля іх выселілі. Пакуль сам прадпрымальнік судзіцца ў Еўропе, беларускія ўлады распрадаюць канфіскаваную ў яго маёмасць.

Аляксандр Міхалоўскі: “У мяне было вельмі шмат маёмасці канфіскавана. Я быў нябедным чалавекам у Беларусі. Гэта маёмасць дагэтуль знаходзіцца пад арыштам, а нешта нават ужо прадалі. Калі мой адвакат прыходзіць і кажа, што не было ні суда, ні афіцыйнай канфіскацыі, таму трэба вярнуць маёмасць, то яму адказваюць: “Няхай сам прыедзе сюды і мы яму ўсё вернем”.

Аднак сам прадпрымальнік вяртацца на радзіму не спяшаецца.

Фота: kp.ru