У Балівіі паказалі дзённікі Эрнэста Чэ Гевары

Афіцыйныя асобы Балівіі ў панядзелак урачыста прадэманстравалі публіцы дзённікі лацінаамерыканскага рэвалюцыянера Чэ Гевары, напісаныя незадоўга да яго гібелі ў 1967 годзе, паведамляе Reuters. З 1986 года ўрад Балівіі захоўваў дзённікі Чэ Гевары ў закрытым канверце ў сейфе Цэнтральнага банка краіны.

"Некалькі варыянтаў расшыфроўкі дзённікаў былі апублікаваныя, аднак зараз публіка ўпершыню зможа паглядзець на арыгінальны рукапіс", - растлумачыў намеснік міністра культуры Балівіі Пабла Гру.

Па ягоных словах, ужо сёлета выйдзе новае выданне дзённікаў, у якім будуць апублікаваныя фотаздымкі кожнай старонкі з сшыткаў рэвалюцыянера.

У сваіх дзённіках Чэ Гевара апісваў свае вандроўкі і рэвалюцыйную дзейнасць у Лацінскай Амерыцы.

Фота: www.dvabayana.ru