У бальніцах і школах Мінска ўключаць ацяпленне

У кватэрах мінчукоў ацяпленне да выходных не ўключаць з-за пятніцы, калі на дзень вернецца цёплае надвор’е. З серады ў мінскіх бальніцах і школах пачнецца ўключэнне ацяплення. Як стала вядома Еўрарадыё, такі загад сёння аддзел энергетыкі Мінгарвыканкама накіраваў у адпаведныя ўстановы, дзе звычайна цёпла становіцца раней, чым у жылых дамах. Дома мінчукам давядзецца яшчэ крыху памёрзнуць, бо сярэднесутачная тэмпература мусіць 5 дзён пратрымацца не вышэй за + 8С.

Каб даведацца, ці ўключаць ацяпленне праз 5 дзён, Еўрарадыё патэлефанавала галоўнаму сіноптыку Гідраметэацэнтра Вользе Фядотавай.

Фядотава: У бліжэйшыя дні мы прагназуем сярэднесутачную тэмпературу каля 7 градусаў. Але ўсё можа перабіць 12 кастрычніка – чакаецца 8-12 градусаў цяпла. Але будзе дажджліва і ветрана, таму адчувацца гэта не будзе.

У суботу чакаецца даволі моцнае пахаладанне. Нават дзённая тэмпература складзе 2-8 градусаў. Будуць начныя замарзкі, а днём – мокры снег. Нядзеля і панядзелак будуць даволі халоднымі, а ў аўторак стане зноў цяплей.

Пакуль жа сярэднесутачная тэмпература даволі высокая — 8, 2 С. Эксперты кажуць, што гэта нават пераўзыходзіць восеньскую норму. Хоць апошнія 10-15 гадоў у сувязі з пацяпленнем сапраўдная восень і холад пачалі прыходзіць у сярэдзіне кастрычніка. Яшчэ на пачатку 1990-х патрэбная да ўключэння ацяплення тэмпература фіксавалася ўжо 5 кастрычніка.

Такім чынам, калі тэмпература пратрымаецца 5 дзён восемь градусаў, у мінскіх кватэрах стане цёпла. Але адбудзецца гэта не адразу. Начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энэргетыкі Міністэрства ЖКГ Аляксандр Літвін кажа, што дзеля таго, каб уключыць ацяпленне ва ўсёй сталіцы, тэхнічна патрэбны амаль тыдзень.

Літвін: Спецыялісты падлічылі, што для гэтага патрэбна пяць дзён. Існуе графік, падрыхтаванаы Мінгарыканкамам, паводле якога штогод уключаецца ацяпленне.
Такім чынам, калі адлік халодных дзён пачнецца з наступнай серады, ацяплення ў кватэрах давядзецца чакаць толькі 22-24 кастрычніка.

Нагадаем, што дзеля таго, каб уключыць ацяпленне ў навучальных установах і лякарнях трэба каб, 5 дзён трымалася сярэднесутачная тэмпература +10. Для жылых дамоў – гэта +8, а для прамысловых прадпрыемстваў — +6 градусаў.

Фота — www.teplovdome2.ru