У Баранавіцкім ПТВ бралі "не па чыну"

Усяго за паўтара месяцы кіраўніцтва Баранавіцкага дзяржаўнага ліцэя будаўнікоў ўзяло з бацькоў на 24 млн рублёў больш, чым належыць. Яшчэ 36 млн рублёў звыш нормы было атрымана з бюджэту і ад дзяржпрадпрыемстваў. У ліцэі (былым ПТВ будаўнікоў), мяркуючы па справаздачах, заняткі ў платных групах вяліся да трэцяй гадзіны раніцы.  Да такіх высноваў прыйшлі супрацоўнікі Баранавіцкага КДК, якія правяралі навучальную ўстанову. Між тым, заняткі на платнай аснове амаль зусім не праводзіліся. У выкладчыкаў былі падвышаныя прэміяльныя. Многія з іх лічыліся на двух кіраўнічых пасадах. Адзін з намеснікаў дырэктара здолеў адначасна выконваць абавязкі і кіраўніка навучальнай установы, і начальніка аздараўленчага лагера “Зорачка”. У выніку ў лагеры толькі за адно лета ён атрымаў 6 млн рублёў. А за 2 сезоны  ён атрымаў 11 млн 100 тыс.

У выніку праверкі тры намеснікі дырэктара ліцэя знятыя з пасады, справа скіраваная ў правахоўныя органы.

Нагадаем, на гэтым жа тыдні КДК праверыў і Баранавіцкую музвучэльню. Там педагогі незаконна налічылі сабе 42 млн рублёў за апошнія некалькі год. Некаторыя педагогі-музыкі былі аформленыя на працу па сумяшчальніцтве, атрымлівалі грошы, але на працу не хадзілі. У некаторых з аформленых на працу няма музычнай адукацыі. Больш за 25 млн рублёў было налічана студэнтам дзённай формы навучання мінскіх ВНУ, якія таксама значыліся на працы, але на яе не з'яўляліся. Распачатая крымінальная справа.