У Барысаве аўтамабіль збіў маці з трохгадовым дзіцем
ДАІ паведамляе, што на аўтамабілі былі летнія шыны.
Аўтамабіль Seat Toledo збіў маці з трохгадовым дзіцем на пешаходным пераходзе ў Барысаве. ДТЗ здарылася 9 лютага а 7.40 раніцы на вуліцы Чалаўскай, паведамляе ДАІ.
28-гадовая жанчына з трохгадовай дачкой на санках пераходзілі вуліцу на нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Жанчына атрымала закрытую чэрапна-мазгавую траўму, а дзяўчынку шпіталізавалі ў Барысаўскую цэнтральную раённую бальніцу. У яе закрытая чэрапна-мазгавая траўма, страсенне мозгу і пералом лобнай косці, паведамляе onliner.by.
61-гадовы кіроўца позна заўважыў пешаходаў. Да таго ж, як паведамляе ДАІ, на аўтамабілі былі летнія шыны.
За студзень у Беларусі адбылося 14 ДТЗ з дзецьмі. Адно дзіця загінула, 13 параненыя. Гэта менш, чым за студзень мінулага года на 30%.
Нагадаем, што з 15 студзеня 2015 зімовыя шыны сталі абавязковымі ў Беларусі. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. За летнія шыны зімой цяпер штрафуюць.
Новым указам прадугледжваецца абавязковае выкарыстанне з 1 снежня па 1 сакавіка зімовых шын на аўтамабілях з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тон, легкавых і грузапасажырскіх аўтамабілях масай звыш 3,5 тон, а таксама аўтобусах масай да 5 тон.
Фота: ridus.ru