У Барысаве і Рэчыцы адбыліся стыхійныя пратэсты прадпрымальнікаў

Стыхійныя пратэсты прадпрымальнікаў супраць праверак падаткавікоў адбыліся ў Барысаве і Рэчыцы. Калі барысаўскія прадпрымальнікі здолелі абараніць свайго калегу, дык у Рэчыцы зрабіць гэта няўдалося.  Як паведаміў Еўрарадыё лідэр прадпрымальніцкага руху Віктар Гарбачоў, на Старабарысаўскім рынку выступ адбыўся ўчора падчас рэйдавай праверкі падаткавікоў з Лагойскага раёна.

Віктар Гарбачоў:
"Падчас праверкі дакументаў узнікла спрэчная сітуацыя: трэба прадастаўляць нейкі дакумент ці не трэба. Гэта прывяло да таго, што рынак спыніўся. Прадпрымальнікі акружылі гэты павільён, выклікалі мяне. У выніку разыйшліся з разуменнем, з мірам, але людзі вельмі незадаволеныя масавымі праверкамі".

Сёння падобная сітуацыя ўжо ўзнікла на адным з рынкаў у Рэчыцы. Але мясцовыя прадпрымальнікі не змаглі адбіць прадпрымальніцу, да якой мелі прэтэнзіі падаткавікі.
Віктар Гарбачоў кажа, што настроі ў яго калегаў вельмі рашучыя:

"Гэтая сітуацыя прывяла да таго, што людзі кожны дзень чагосьці чакаюць, нікому не вераць і ўжо гатовыя ісці ў лабавую, у штыкавую. Сказалі, што не аддадуць свой хлеб, не аддадуць сваё заробленае гадамі, будуць адстойваць кожнага прадпрымальніка".

Гарбачоў прагназуе, што масавыя вулічныя пратэсты індывідуальных прадпрымальнікаў мінулай зімы могуць паўтарыцца і зімой наступнай, бо тады таксама ўсё пачыналася з праверак і канфіскацый тавараў.