У БДУ студэнтаў-платнікаў на траціну больш, чым бюджэтнікаў

Амаль ва ўсіх універсітэтах сёлета збіраюцца прыняць больш студэнтаў на платную форму навучання, чым на бюджэтную Еўрарадыё зацікавілася суадносінамі бюджэтных і платных месцаў для сёлетніх абітурыентаў і пабачыла дзіўную тэндэнцыю: на платнікаў скардзяцца і павялічваюць набор. Ад прарэктара па вучэбнай працы і камерцыйнай дзейнасці Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта Георгія Вяршыны мы атрымалі непрыемную навіну: бясплатных месцаў сёлета стане крыху менш!

Георгій Вяршына: “Ёсць крыху скарачэнне бюджэтных месцаў, і ўзрасла колькасць пазабюджэтных месцаў, але ў рамках ліцэнзійных патрабаванняў. Па ліцэнзіі вызначаная колькасць студэнтаў-слухачоў, якую мы не можам перавысіць”.

А вось абітурыентам Беларускага дзяржаўнага універсітэта сёлета пашанцавала: прымуць больш бюджэтнікаў, чым у мінулым годзе. А платнікаў хутчэй за ўсё зноў недабяруць, лічыць прарэктар БДУ па вучэбнай працы Віктар Самахвал:

Віктар Самахвал: “У нас план прыёму 1995 — на бюджэтныя месцы, на платныя — 2600, але мы адсоткаў 30 на платнае звычайна недабіраем”.

У БДУ мала жадаючых вывучаць за грошы хімію, фізіку і матэматыку, таму на гэтых спецыяльнасцях недабор. Можна было б перакінуць гэтыя месцы на больш папулярныя факультэты, але матэрыяльная база універсітэта не гумавая, заўважае Віктар Самахвал:

Віктар Самахвал: “Мы ж не можам бясконца павялічваць прыём, напрыклад, на спецыяльнасць “Міжнародныя адносіны”.

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў недаборы вельмі рэдкія. Паводле слоў прарэктара БДАМ па вучэбнай працы Лідзіі Бярозкінай, тут ёсць спецыялізацыі, дзе вучыцца можна толькі за грошы.

Лідзія Бярозкіна: “Унутры графічнага дызайна ў нас ёсць такія спецыялізацыі, як “Фотаграфіка” і “Тэлерэклама”. Туды мы бярэм толькі на платнай аснове, па 10 чалавек кожны год”.

У БНТУ толькі платных спецыяльнасцяў няма. Але ў прыёмнай камісіі Еўрарадыё даведалася, што ёсць такія факультэты, дзе большасць студэнтаў — платнікі:

Сакратар прыёмнай камісіі БНТУ: “Факультэт маркетынга, менеджмента і прадпрымальніцтва. Спецыяльнасць “Сусветная эканоміка”: 25 — на платнае і толькі 5 — на бюджэт. “Бізнэс-адміністраванне”: 16 — на бюджэт і 80 — на платнае. Вытворчасць экспазіцыйных рэкламных аб’ектаў: 25 — на платнае і 5 — на бюджэт”.

На спецыяльнасцях “Сучасныя замежныя мовы (пераклад)” і “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце таксама платных месцаў больш за бюджэтных.

Аднак Віктар Самахвал нечакана запэўнівае Еўрарадыё, што… універсітэты не зацікаўленыя ў павелічэнні колькасці студэнтаў-платнікаў. Бо ад іх толькі страты:

Віктар Самахвал: “Сума, якую выдзяляе дзяржава на бюджэтнага студэнта вышэй, чым плаціць платнік. Выгадна гэта толькі таму, хто вучыцца. Менш бярэм з платнікаў, чым атрымліваем з бюджэтніка — значыцца, менш грошай можам выдаць на развіццё матэрыяльнай базы, на капітальныя рамонты, на заработныя платы, на прэміраванне супрацоўнікаў”.

Таму, згодна з версіяй прарэктара, бюджэтнік прыносіць больш выгады для універсітэта: дзяржава дае ВНУ пад кожнага такога студэнта больш грошай, чым ён атрымае ад студэнта-платніка. Аднак цікава, што амаль ва ўсіх апытаных намі універсітэтах сёлета плануюць прыняць больш студэнтаў на платную форму навучання, чым на бюджэтную. Еўрарадыё параўнала гэтыя лічбы:

 ВНУ Дзённае аддзяленне Завочнае
 аддзяленне
  Бюджэтныя месцы Платныя месцы Бюджэтныя месцы Платныя месцы
 БДУ 1995 2600425 1125
 БДЭУ 925 950 530 2145
 БНТУ 2555 2328 720 2034
 МДЛУ 565 850 130 322
 БДАМ 107 102 26 35


Фота — ByMedia