У Беларусь едуць эксперты Сусветнага банка для перамоваў пра пазыку

Эксперты Сусветнага банка прыедуць у Мінск для перамоваў у справе прадастаўлення нашай краіне пазыкі ў памеры 125 мільёнаў долараў.  Як адзначае тэлеканал СТВ, беларускі ўрад плануе выкарыстаць гэтыя сродкі для рэалізацыі праекта па энергазберажэнні, пераабсталявання раённых кацельных і іншых камунальных аб'ектаў у розных рэгіёнах Беларусі.

Чакаецца, што пагадненне пра пазыку ўхваляць на пасяджэнні Савета дырэктароў Сусветнага банка летам. Падчас цяперашняга візіту эксперты ацэняць таксама, як выконваюцца іншыя праекты, для якіх нашая краіна прыцягвала сродкі Сусветнага банка.