У Беларусь ідуць 20-градусныя маразы і моцныя снегапады

Ужо 29 лістапада да канца дня і ўначы чакаюцца моцныя снегапады. Асабліва моцныя снегапады будуць у Брэсцкім раёне. На дарогах чакаюцца снегавыя заносы, завірухі. Тэмпература будзе вагацца ад -2 да -7 градусаў. А на Віцебшчыне тэмпература можа дайсці нават да -15.

Ад 1 снежня чакаецца далейшае пахаладанне. Удзень тэмпература будзе да -21:

Фядотава: "1 снежня начная тэмпература панізіцца да -17…-22 мароза. У Віцебскай вобласці - да -25. У першы дзень зімы -14…-21. У Брэсцкай вобласці -11…-13 градусаў. Халоднае марознае надвор’е захаваецца і 2 снежня. Але 1 снежня ў асноўным абыдзецца без ападкаў, а 2 снежня ўжо з паўднёва-заходнімі плынямі падыдзе атмасферны фронт і выклікае снег, месцамі з завірухамі".

Фядотава кажа, што бліжэй да выходных тэмпература можа павысіцца і ў пятніцу-суботу нават наблізіцца да нуля. Але ўжо ў нядзелю зноў чакаецца пахаладанне -3…-10 градусаў.