У Беларусь прыедзе дзяржаўны сакратар Папы Рымскага Бенедыкта XVI

Упершыню ў Беларусь 18 чэрвеня прыбудзе дзяржаўны сакратар Папы Рымскага Бенедыкта XVI кардынал Тарчызіё Бэртонэ. Як паведаміў мітрапаліт Мінска- Магілёўскі арцыбіскуп Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч, візіт адбудзецца па запрашэнні беларускага ўрада. Па звестках "Інтэрфакса", праграма візіту складаецца з сустрэч з прадстаўнікамі беларускай дзяржавы, а другая частка - рэлігійная. Пры гэтым мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсліў, што кардынал з'яўляецца другой асобай Ватыкана і найбліжэйшым паплечнікам Папы Бенедыкта XVI.

У рамках свайго візіту кардынал наведае Мінск, Пінск і Гродна. Таксама ён прыме ўдзел у паседжанні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, наведае цэнтр "Каритас", які дапамагае дзецям з анкалагічнымі захворваннямі. Акрамя гэтага, кардынал высвянціць кутні камень касцёла, які будуецца ў мікрараёне Серабранка ў Мінску, сустрэнецца з беларускай каталіцкай моладдзю, ускладзе кветкі да вечнага агня на плошчы Перамогі ў Мінску, а таксама адслужыць літургію ў архікафедральным касцёле ў Мінску.