У Беларусь прыплывуць 660 гектараў украінскай зямлі?

Да Беларусі могуць адысці 660 га ўкраінскай тэрыторыі з-за змены рэчышча Дняпра каля пасёлка Любеч Рэпкінскага раёна Чарнігаўскай вобласці. Каб запабегчы гэтаму, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Украіны просіць Віктара Юшчанку і Юлію Цімашэнку вылучыць 11,1 мільёна грыўняў.  З-за інтэнсіўнага разбурэння берагавой паласы Дняпра ў красавіку-ліпені была размытая грунтава-жвірыстая дарога, якая праходзіла па сушы паміж ракой і возерам Сімполь у раёне Любеча. Як адзначаюць "Подробности", Дняпро злучыўся з вярхоўем возера Сімполь, і дняпроўская вада перацякае праз сістэму поймавых азёр углыб поймы.

Такім чынам, рака адрэзала каля 660 га земляў Любецкага пасялковага савета. Гэтыя землі могуць адысці да тэрыторыі Беларусі, што зменіць лінію дзяржаўнай мяжы.

Паводле папярэдніх падлікаў, страты Ўкраіны ад адыходу тэрыторыі складуць 68 мільёнаў грыўняў.