У Беларусь прывязуць мошчы святога евангеліста Лукі

Мошчы Святога евангеліста Лукі прывязуць у Беларусь. Пра гэта паведамілі ў Фондзе Андрэя Першазваннага. Галава святога апостала і евангеліста Лукі будзе прывезеная 9 чэрвеня ў Маскву з Афона па блаславенні патрыярха Маскоўскага і ўсяя Русі Алексія II.
У перыяд да 12 ліпеня святыня пабывае ў Маскве, Санкт- Пецярбургу і іншых гарадах Расіі, а таксама ў Кіеве і Мінску. Больш дакладны графік перамяшчэння мошчаў будзе вядомы пазней. Выхадзец Антыёхіі Сірыйскай, святы апостал і евангеліст Лука ў ліку 70-ці вучняў Ісуса Хрыста быў пасланы на першую пропаведзь яшчэ пры зямным жыцці Спасіцеля.

Святы Лука паходзіў з адукаванага грэчаскага асяроддзя, быў медыкам і традыцыйна лічыцца ў хрысціянстве апякуном лекараў.

Евангеліст Лука з'яўляецца аўтарам аднаго з чатырох Евангелляў, а таксама Дзей святых апосталаў, якія апавядаюць аб працах і подзвігах вучняў Хрыста пасля Яго Узнясення. Па паданні, менавіта Лука напісаў першую ікону Найсвяцейшай Багародзіцы, а таксама абразы святых апосталаў Пятра і Паўла.

Паводле царкоўнага Падання, пасля пакутніцкай смерці гэтых апосталаў святы Лука пакінуў Рым і з пропаведдзю прайшоў Ахаю, Лівію, Егіпет і Фіваіду. У горадзе Фівы ён у пакутах скончыў свой зямны шлях.


Паведамляе “Інтэрфакс”