У Беларусь вяртаецца грып?

У 18 кантрольных гарадах Беларусі на мінулым тыдні зарэгістравана 84 тысячы 584 выпадкі захворвання на грып і вострую рэспіраторную вірусную інфекцыю (ВРВІ). Па звестках Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, гэта на 1,4% вышэй за паказчык папярэдняга тыдня і на 42,3% больш за аналагічны перыяд 2008 года.  Агулам з 6 кастрычніка 2008 года ў кантрольных гарадах на грып і ВРВІ захварэлі 1 млн 308 тыс. 351 чалавек. Гэта на 5,5% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (1 млн 236 тыс. 600 выпадкаў). Сярод хворых было 60,4% дзяцей. Шпіталізаваныя 1,3% тых, хто звярнуўся па медыцынскую дапамогу, сярод іх 81,7% дзяцей да 17 гадоў.

На сённяшні дзень эпідэміяй вірусных інфекцый і грыпу ахопленыя 9 з 18 кантрольных гарадоў: Бабруйск, Мінск, Барысаў, Салігорск, Наваполацк, Баранавічы, Магілёў, Віцебск, Орша, а таксама 25 з 129 раёнаў. У сувязі з высокім захворваннем прыпыненае навучанне ў 29 школах Беларусі. З пачатку эпідэмічнага ўздыму (23 студзеня) прыпыняліся заняткі ў 392 школах.

БелаПАН нагадвае, што эпідэмія грыпу і вірусных інфекцый ужо завяршылася ў Гродне, Пінску, Лідзе, Гомелі, Брэсце, Мазыры, Рэчыцы, а таксама ў 23 раёнах краіны.