У Беларусі аб’яўлена штармавое папярэджанне на 1-2 траўня

Рэспубліканскі гідраметэацэнтр аб'явіў штармавое папярэджанне на 1-2 траўня. 1 траўня ўначы па паўночна-ўсходняй палове, а днём у многіх раёнах краіны чакаецца ўзмацненне ветру, парывы якога будуць дасягаць 15-20 метраў за секунду.
2 траўня ўначы моцны вецер захаваецца ва ўсходніх раёнах. 1-3 траўня па краіне будзе халоднае і няўстойлівае надвор'е.

Тэмпература паветра ў начныя часы складзе ад 0 да мінус 5 градусаў. Як паведамляе афіцыйны сайт Рэспубліканскага гідраметэацэнтра, 30 красавіка тэрыторыя Беларусі трапіла пад уплыў паўночнага цыклону, які перамяшчаецца са Скандынаўскага паўвострава на паўночны захад еўрапейскай часткі Расіі.

Атмасферны фронт, які праходзіць цяпер цераз тэрыторыю краіны, сапсаваў надвор'е - на большай частцы Беларусі прайшлі ападкі, у асноўным у выглядзе мокрага снегу.

Сёння максімальная тэмпература паветра ў Мінску днём дасягне плюс 6 градусаў. У ноч на 1 траўня ў сталіцы чакаюцца замаразкі ад 0 да 2 градусаў.

Аналагічную тэмпературу сіноптыкі абяцаюць у Мінску і ў ноч на 3 траўня. Днём 1 траўня ў сталіцы чакаецца плюс 3-5 градусаў, 2-га - плюс 10-12.