У Беларусі ад 30 да 50 адсоткаў "ценевай" эканомікі

Эксперты Сусветнага банку падлічылі, што ў Беларусі 50% ВУП знаходзіцца ў ценю. Нашая краіна займае 136-ю пазіцыю ў спісе краінаў з ценевай эканомікай. На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, гэта завышаныя лічбы.

Злотнікаў: "Ацэнкі рабіліся ўскосным метадамі НДІ Мінстата, і мы іх абмяркоўвалі. Там было, скажам, да 25%. Я думаю, што 50% - гэта зашмат. У Беларусі жорсткі кантроль за гэтым".

На думку Злотнікава, ценевай эканомікі ў Беларусі не больш за 30%. І большасць яе сканцэнтраваная ў малым бізнэсе, сферы паслуг, гандлі, асабліва продажы побытавай тэхнікі і будаўнічых матэрыялаў.

На дзяржаўных прадпрыемствах, якія займаюць 70% рынку, узровень "шэрай" эканомікі вельмі нізкі. А вось прыватнаму бізнэсу часам не застаецца іншага выйсця, і каб выжыць - ён сыходзіць у "цень".

"У нас бізнэс сыходзіць ад падаткаў, ад пабораў. І прасцей часам нешта рабіць у ценю, чым плаціць падаткі і разарыцца", - кажа сп.Злотнікаў.