У Беларусі адкрываецца прыватная кінашкола

Першая прыватная кінашкола адкрываецца ў Беларусі.  Як паведаміў аўтар праекта Андрэй Палупанаў, плануецца, што ў кастрычніку ў Мінску пачнуцца заняткі першых двух курсаў слухачоў. Спачатку плануецца набраць два курсы — кінаакцёраў і фільммейкераў, у далейшых планах — курсы відэаінжынераў, кінапрадзюсераў, сцэнарыстаў, перадае БелаПАН.

Заняткі будуць арганізаваны для дзвюх узроставых груп — ад 12 да 16 гадоў і ад 17 гадоў і старэйшых. Да заняткаў будуць прыцягвацца выкладчыкі з беларускіх творчых ВНУ. Навучанне ў школе — платнае, залічэнне будзе праходзіць пасля сумоўя. Ужо вясной 2010 года плануецца пачаць здымкі карціны, стваральнікамі якой будуць слухачы кінашколы.

Фота: uralsfs.ru