У Беларусі да новага года можа з'явіцца новы тэлеканал

Да 2010 года ў Беларусі можа з'явіцца новы тэлеканал “ТРА Саюза” (Тэлерадыёвяшчальная арганізацыя Саюзнай дзяржавы). Як распавёў Еўрарадыё дэпутат Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька, днямі гэта пытанне абмяркоўвалася на пасяджэнні Камісіі Саюзнай дзяржавы па інфармацыйнай палітыцы.
Генадзь Давыдзька: "У Падмаскоўі было праведзена паседжанне камісіі Саюзнай дзяржавы па інфармацыйнай палітыцы. Адна з галоўных тэм — гэта павелічэнне вяшчання тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы “ТРА Саюза”. Цяпер канал даступны толькі ў Расіі, ці праз спадарожнік. Спадзяемся, што да Новага года і ў Беларусі будзе вяшчаць “ТРА Саюза”. Зараз вядзецца праца, каб паставіць яго ў Беларусі на якую-небудзь кнопку".

На канале вельмі шмат фільмаў з беларускіх і расійскіх кінафондаў і зусім няма рэкламы, адзначыў Генадзь Давыдзька.

Тэлерадыёвяшчальная арганізацыя Саюзнай дзяржавы (“ТРА Саюза”) створана ў па дамове паміж Расіяй і Беларуссю 22 студзеня 1998 года. Асноўнымі кірункамі працы “ТРА Саюза” з'яўляюцца: ўмацаванне адносін братэрства, сяброўства і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі-удзельніцамі Саюзнай дзяржавы, паглыбленне інтэграцыі дзвюх дружалюбных краін, захаванне і развіццё гісторыка-культурнай агульнасці братэрскіх народаў, стварэнне спрыяльных умоў для функцыянавання адзінай інфармацыйнай прасторы, павышэнне міжнароднага аўтарытэту Саюзнай дзяржавы.