У Беларусі караюць больш людзей, чым у краінах Афрыкі?

У 2008 годзе ў Беларусі было пакарана людзей больш, чым у краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Пра гэта заявіла праграмны дырэктар сусветнай праваабарончай арганізацыі "Міжнародная амністыя" па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Нікала Дакворт. Па звестках арганізацыі, летась у Беларусі былі вынесеныя і прыведзеныя ў выкананне як мінімум чатыры смяротныя прысуды. У краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары (гэты рэгіён лічыцца адным з праблемных) у 2008 годзе былі афіцыйна зафіксаваныя два пакаранні смерцю, у той час як да выключнай меры пакарання там прысуджана не меней за 362 чалавекі.

У "Міжнароднай Амністыі" адзначаюць, што з моманту здабыцця Беларуссю незалежнасці ў краіне маглі быць пакараныя не меней за 400 чалавек. Дакладная лічба невядомая, бо, па словах Дакворт, усё, што звязана з пакараннем смерцю, у Беларусі акружана завесай сакрэтнасці: асуджаных і іх сваякоў не апавяшчаюць аб даце прывядзення прысуду ў выкананне, родным і блізкім не выдаюць цела, аб месцы пахавання ім не паведамляюць.

Эксперт арганізацыі па Беларусі Хэза Макгіл адзначыла, што існуюць пераканаўчыя доказы таго, што ў нашай краіне ўжываюцца катаванні ды іншыя віды жорсткіх адносінаў з мэтай атрымаць "прызнаўчыя" паказанні.

БелаПАН