У Беларусі на каранцін закрылі 68 школ

У 68 школах Беларусі аб’яўлены каранцін. Навучальны працэс прыпынены найперш з-за захворванняў грыпам. Найбольш іх знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці — 27. На Міншчыне на каранцін закрытыя 3 школы.
Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Як заўважыла кіраўніца аддзяленнем імунапрафілактыкі цэнтра Вераніка Шымановіч, цяпер можна казаць пра пачатак уздыму эпідэміі грыпу.

“У нас падключаюцца ўсё больш і больш гарадоў, Заходняя Еўропа гаворыць пра ўспышкі грыпу і яго распаўсюджванні, у Расіі, Маскве нешта падобнае… Таму, мяркую, што гэта акурат пачатак пад’ёму грыпознай інфекцыі”.

Згодна з паведамленнем БЕЛТА, у Беларусі агулам зарэгістравана больш за 15 тысяч выпадкаў грыпу і прастудных захворванняў.