У Беларусі на выбарах у бундэстаг прагаласавала да 600 немцаў
Дакладную лічбу сказаць складана, бо нямецкія грамадзяне за мяжой галасуюць поштаю
Лічба 600 – гэта афіцыйныя звесткі, колькі грамадзян Нямеччыны пражывае ў Беларусі. Аднак ніводзін з іх не прыходзіў у Мінску на выбарчы ўчастак і не кідаў бюлетэнь у скрынку для галасавання.
“Кожны нямецкі грамадзянін, які жыве ў Беларусі ці іншай дзяржаве, самастойна звязваецца са сваёю выбарчай акругай у Нямеччыне, -- патлумачыў Еўрарадыё амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Вальфрам Маас. — Гэта адбываецца дэцэнтралізавана, таму мы не можам сказаць напэўна, хто скарыстаўся гэтым правам, і які адсотак людзей узяў удзел у галасаванні. За сябе магу сказаць, што я ўзяў удзел у галасаванні – і калі нямецкая пошта спрацавала надзейна, мой голас будзе ўлічаны пры падвядзенні вынікаў галасавання!”
Як патлумачылі Еўрарадыё ў амбасадзе Нямеччыны, працэс адбываецца наступным чынам. Грамядзяне, якія пражываюць за мяжой, за пэўны час да выбараў накіроўваюць у Нямеччыну ліст – у тую выбарчую акругу, дзе яны галасавалі на радзіме апошні раз. Адтуль ім папяроваю поштаю прысылаюць бюлетэнь, які яны мусяць адправіць назад таксама папяроваю поштаю да пэўнага тэрміну.
Нагадаем, паводле папярэдніх вынікаў, на выбарах у нямецкі паламент 22 верасня перамог кансерватыўны блок Хрысціянска-дэмакратычнага саюза і Хрысціянска-сацыяльнага саюза, які ўзначальвае цяперашняя канцлерка Ангела Меркель (41,5%). Следам ідзе Сацыял-дэмакратычная партыя (25,7%), партыя “Левыя” (8,6%) і партыя “Зялёныя” (8,4%)
Фота turinfo.ru