У Беларусі пачаўся перапіс насельніцтва

14 кастрычніка ў Беларусі стартаваў перапіс насельніцтва. У краіне створана 648 перапісных, 6326 інструктарскіх і 31.846 лічыльных участкаў. Задзейнічана каля 48 тыс. перапісчыкаў. Як нагадвае БелаПАН, перапіс закране беларускіх і замежныя грамадзянаў, якія пастаянна пражываюць у краіне, асобаў без грамадзянства, змешчаных на тэрыторыі Беларусі, а таксама тых, хто стала пражывае, але часова адсутнічае ў сувязі з выездам за мяжу ў камандзіроўку, на працу, навучанне тэрмінам да аднаго года. Будуць улічаныя ў перапісе і замежныя грамадзяне, якія прыбылі ў Беларусь на працу і навучанне тэрмінам на адзін год і больш.

Не трапяць пад перапіс замежнікі і чальцы іх сем'яў, якія маюць статус дыпламатычных работнікаў, а таксама асобы, якія выехалі за мяжу ў камандзіроўку, на працу, навучанне тэрмінам на адзін год і больш.

Перапіс працягнецца па 24 кастрычніка. Першыя вынікі — звесткі пра колькасць насельніцтва — плануецца апублікаваць у лютым 2010 года. Уся выніковая інфармацыя мусіць быць падрыхтаваная да 1 чэрвеня. Белстат абяцае апублікаваць яе на сваім сайце.