У Беларусі пачынаюцца кастынгі "Міс Беларусь-2008"

З 9 студзеня па 10 лютага ў Беларусі пройдуць кастынгі VI Нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь-2008". Сёлета арганізатарам конкурсу выступае "Другі нацыянальны тэлеканал" пры ўдзеле Нацыянальнай школы прыгажосці, Студыі моды Сяргея Нагорнага і студыі "Тамара".
Кастынгі конкурсу прыгажосці пройдуць у 15 гарадах Беларусі. Першы з іх адбудзецца сёння ў Гродне. 10 студзеня адбор удзельніц пройдзе ў Лідзе, 15 студзеня — у Бабруйску, 16 студзеня — у Мазыры, 17 студзеня — у Гомелі, 23 студзеня — у Брэсце, 24 студзеня — у Пінску, 25 студзеня — у Баранавічах, 1 лютага — у Оршы, 2 лютага — у Віцебску, 3 лютага — у Наваполацку, 4 лютага — у Магілёве, 8 лютага — у Салігорску, 9 лютага — у Барысаве, 10 лютага — у Мінску.

Да ўдзелу ў кастынгу дапускаюцца грамадзянкі Беларусі, ва ўзросце 18—24 гадоў, ростам не ніжэй за 175 см. Пры гэтым дзяўчына павінна быць не замужам, раней не знаходзіцца ў шлюбе і не мець дзяцей.

Да адбору не дапускаюцца ўладальніцы тытулаў "Міс Беларусь", пераможцы ў намінацыях папярэдніх нацыянальных конкурсаў прыгажосці "Міс Беларусь", а таксама дзяўчыны, якія ўдзельнічалі калісьці ў фота- або відэаздымках эратычнага або парнаграфічнага характару.

На першым рэгіянальным этапе з кожнай вобласці і горада Мінска журы абярэ па 24 прыгажуні, якія будуць запрошаныя ў Мінск для далейшага ўдзелу ў конкурсе.

БелаПАН