У Беларусі пахаладае ў сярэдзіне наступнага тыдня – Гідраметэацэнтр

Няўстойлівае надвор’е пануе ў Беларусі, стабільнае пахаладанне пакуль не чакаецца. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольга Фядотава.

Яна распавяла пра тое, якое надвор’е чакае нас на выхадных:

“У суботу магутны атлантычны цыклон, які будзе перасоўвацца праз Балтыйскае мора на ўсход, пагоршыць надвор’е ў нашай краіне. І ў ноч на 19 студзеня пройдуць невялікія ападкі, а днём яны чакаюцца амаль паўсюдна - у выглядзе дажджу і мокрага снегу.

Па ўсходзе краіны слабы галалёд, на асобных участках дарог галаледзіца. Узмацніцца паўднёвы вецер, парывамі да 15-20 метраў за секунду. І тэмпература паветра ўначы ад 3 мароза да 3 цяпла, а днём у суботу ад 0 да +5, у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях да 7 градусаў з плюсам.

Паводле папярэдніх разлікаў, у нядзелю надвор’е будзе няўстойлівае, у тылавой частцы цыклона — кароткачасовыя ападкі, мокры снег і дождж. Захаваецца парывісты вецер. Тэмпература паветра на працягу сутак ад -1 да +4”.

Паводле разлікаў спецыялістаў гідраметэацэнтра, на наступным тыдні надвор’е ў Беларусі таксама будзе няўстойлівым. У сярэдзіне тыдня трохі пахаладае, у начныя часы стане падмарожваць да -7 градусаў, а днём ад 0 да -5. Пройдзе кароткачасовы снег. Аднак стабільнага пахаладання не чакаецца.