У Беларусі павялічаць колькасць адтэрміновак ад прызыву ў войска

У Беларусі будзе павялічана колькасць адтэрміновак ад прызыву на тэрміновую воінскую службу. Гэта прадугледжваецца новымі папраўкамі ў дзеючы закон "Аб воінскім абавязку і ваеннай службе". Як паведаміў сёння на брыфінгу ў Мінску начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генштаба Узброеных сіл Ігар Глод, да канчатковага прыняцця дадзеных паправак засталіся "лічаныя дні".

У прыватнасці, мяркуецца для працягу адукацыі прадастаўляць адтэрміноўку выпускнікам ПТВ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў у год выпуску. Таксама мяркуецца даваць адтэрміноўку асобам, "якія аднаўляюцца ў ВНУ пасля спынення навучання па тых або іншых прычынах", сказаў Ігар Глод.

Адтэрміноўка ад прызыву на тэрміновую службу будзе прадастаўляцца, акрамя таго, аспірантам і дактарантам усіх форм навучання, а не толькі дзённых аддзяленняў, як раней. Па звестках Ігара Глода, сёлета адтэрміноўку для працягу адукацыі атрымалі 27 тысяч 520 чалавек.

БЕЛТА