У Беларусі прыпыненыя заняткі ў 54 школах

У 54 школах краіны прыпыненыя заняткі ў сувязі з высокім узроўнем захворвання найперш на грып.
Паводле інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, учора ў Брэсцкай вобласці навучальны працэс прыпынены ў 15 школах, у Віцебскай - у 8, у Гомельскай - у 7, у Гродзенскай - у 22, у Мінскай вобласці - у двух школах. Нагадаем, заняткі прыпыняюцца, калі ў школе з прычыны хваробы адсутнічае больш за 30% вучняў. Адноўлены заняткі ў 15 школах рэспублікі.

Супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы па прафілактыцы грыпу ўведзены ў двух кантрольных гарадах: Гродне і Лідзе, а таксама дзевяці раёнах Беларусі: Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці, Навагрудскім, Лідскім, Гродзенскім, Іўеўскім, Шчучынскім, Зэльвенскім, Свіслацкім, Мастоўскім раёнах Гродзенскай вобласці.

БелаПАН нагадвае, што эпідэмія грыпу аб'яўляецца ў тым выпадку, калі ўзровень захворвання на працягу трох дзён ва ўсіх кантрольных гарадах перавышае эпідэмічны парог, а асноўнай прычынай захворванняў пры гэтым з'яўляецца вірус грыпу.