У Беларусі ўпершыню перасадзілі ныркі дзецям

У Беларусі ўпершыню перасадзілі ныркі дзецям. Аперацыі па трансплантацыі ныркі былі праведзены 6 і 7 красавіка ў рэспубліканскім цэнтры уралогіі і нефралогіі 2-й дзіцячай лякарні Мінска.
Органы перасадзілі двум хлопчыкам, 10 і 11 гадоў, жыхарам Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці і Гродзенскага раёна. Донарамі выступілі іх жывыя сваякі: у адным выпадку 48-гадовы бацька, у другім — 28-гадовая маці.

Стан усіх пацыентаў "стабільны і адпавядае цяжкасці перанесеных аператыўных умяшанняў", паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.

Ныркавыя трансплантаты працуюць добра і выконваюць усе свае функцыі.

У перасадцы ныркі ў Беларусі маюць патрэбу 24 дзіцяці, некаторыя дзеці знаходзяцца ў лісце чакання больш як пяць гадоў. Толькі шэсць беларускіх дзяцей маюць дзейны трансплантат. Ныркава-замяшчальную тэрапію атрымлівае 41 дзіця.