У Беларусі захоўваецца дэфіцыт медыцынскіх кадраў

У Беларусі захоўваецца дэфіцыт медыцынскіх кадраў. Пра гэта заявіла лідэр Беларускага прафсаюзу работнікаў аховы здароўя Алена Бельская. Яна адзначыла, што такі дэфіцыт медработнікаў адчувае ўвесь свет. Па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у свеце бракуе каля 2,4 млн. лекараў, медсясцёр і акушэраў. У Беларусі, па словах А.Бельскай, кожны медработнік працуе ў сярэднім на 1,39 стаўкі, больш за 2,9 тыс. пасад застаюцца вакантнымі.

А.Бельская паведаміла, што Міністэрства аховы здароўя павялічыла прыём у медвучэльні і ВНУ. Так, у медыцынскія ВНУ сёлета будзе прынята больш за 3,1 тыс. чалавек (2,7 тыс. — у 2007 годзе). З іх каля 2,1 тыс. будуць навучацца за кошт бюджэтных сродкаў. У медвучылішчы плануецца прыняць больш за 3,3 тыс. чалавек, у тым ліку 2,2 тыс. — на бюджэтнай аснове.

Сёння ў сістэме аховы здароўя працуе больш за 41,6 тыс. лекараў, 109,2 тыс. сярэдніх медыцынскіх працаўнікоў, больш за 7 тыс. правізараў і фармацэўтаў.

БелаПАН