У Беларусі знізяць дапушчальную дозу алкаголю ў крыві кіроўцаў
Замест 0,5 праміле стане 0,3 — пры тым, што такое паказанне можа даць нават кефір.
П'яныя кіроўцы сталі прычынай 12,5 працэнтаў здарэнняў, што адбыліся за апошнія паўгода, кажа супрацоўнік ДАІ Алег Лявіцкі.
У суседніх з намі краінах пачалі зніжаць максімальна дапушчальныя праміле алкаголю. У Расіі і Ўкраіне іх увогуле знізілі да нулю. Цяпер такая ініцыятыва з'явілася і ў Беларусі.
"Гэта ініцыятыва Міністэрства аховы здароўя, і ДАІ яе цалкам падтрымлівае. Яны прапануюць 0,3 праміле. Зараз у нас 0,5 — гэта стан алкагольнага ап'янення і складаецца пратакол", — распавялі Еўрарадыё ў ДАІ.
Зараз дакументы з новымі нормамі праходзяць юрыдычную экспертызу, кажа галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Аляксей Аляксандраў:
"Зараз вядзецца распрацоўка дакументаў, але яны не выйдуць з сценаў міністэрства, пакуль не пройдуць юрыдычную ацэнку".
Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам Міжнароднай канвенцыі аб правілах дарожнага руху, якая прынятая ў Вене ў 1968 годзе. Канвенцыя патрабуе, каб у законе кожнай краіны-ўдзельніцы была прапісана дапушчальная норма алкаголю ад 0 да 0,8 праміле.
Звязана гэта з тым, што паказанні часта можа даць не толькі выпіты алкаголь, кажа Аляксандр Алішэвіч, намеснік галоўнага нарколага Мінскага дыспансера:
"Могуць пытанні ўзнікаць з лекавымі настойкамі. Нават ад іх гэта можа ўзнікнуць пры ўмове, што іх вып'юць болей, чым прызначыў лекар. Таксама кіроўцы часта памыляюцца, калі думаюць, што ўчора выпіў, а раніцай нічога не засталося. Пасля ночы, калі чалавек паспаў, застаецца шмат астаткаў".
Паказаць 0,3 праміле можа нават кефір. Але толькі у тым выпадку, калі быў выпіты перад экспертызай.
Аляксандр Алішэвіч: "Калі кефір быў нясвежы і там пачаліся працэсы спіртавага закісання, то адразу пакажа — але толькі адразу. У крыві алкаголю не будзе ў гэтым выпадку. Проста ён праз паветра трапляе не з лёгкіх, а з малекул, якія засталіся".
Таму калі вы сапраўды не ўжывалі алкаголь, а прыбор паказаў нейкае перавышэнне, трэба ехаць на экспертызу ў наркалогію: там памылкі ўжо не будзе.
Аляксандр Алішэвіч: "На няякасных прыборах можа паказаць. У нашым наркадыспансеры на ўзбраенні аналізатары канцэнтрацыі пароў этанола. Яны рэагуюць менавіта на этанол. Яны не пакажуць на ацэтон ці на язву, калі з'яўляецца кіслата. А старыя прыборчыкі партатыўныя рэагуюць на тытунёвы дым. Але мы такімі не карыстаемся".
Многія кіроўцы памыляюцца, калі лічаць, што выпіты вечарам алкаголь зранку ўжо знікае. У мужчыны, які важыць 80 кілаграмаў, за гадзіну перапрацоўваецца 5-10 грамаў чыстага этанолу. Так, спажытыя 0,5 гарэлкі знікнуць мінімум праз 20 гадзінаў. А бутэлька піва выветрыцца цалкам праз 3-4 гадзіны. Але калі выпіць 0,5 піва, прыбор не пакажа 0,3 праміле ўжо праз гадзіну. Але, згодна са словамі нарколагаў, нават такая нізкая канцэнтрацыя ўплывае на стан чалавека.
Аляксандр Алішэвіч: "Я ўвогуле прыхільнік таго, каб былі абсалютныя нулі. Пасля глытка любога спіртавага напоя ўжо праз 3-4 хвіліны ён — у мазгах. Ён адназначна расстройвае канцэнтрацыю ўвагі. А рассеяны кіроўца за рулём — гэта патэнцыйны забойца. Вядома, калі праміле зашкальвае, то гэта ўжо яўны забойца. Але нават пры 0,2 аказвае ўплыў. Таму ў гэтым выпадку я быў бы больш жорсткі і непахісны".
Дарэчы, 0,5 праміле пакажа выпітыя 50 грам гарэлкі, бутэлька піва ці 200 грам віна.
П'яныя кіроўцы сталі прычынай 12,5 працэнтаў здарэнняў, што адбыліся за апошнія паўгода, кажа супрацоўнік ДАІ Алег Лявіцкі.
"За студзень-ліпень 2010 года ў нас па віне кіроўцаў у нецвярозым стане адбылося 295 здарэнняў, у якіх загінулі ці пацярпелі людзі. Усяго за паўгода было 2380 здарэнняў, у якіх пацярпелі людзі".
А вось што лічаць мінскія кіроўцы на гэты конт.
Дарэчы, па нулях алкаголь не толькі ў Расіі і Ўкраіне, а таксама ў Албаніі, Босніі і Герцагавіне, Венгрыі, Грузіі, Ліхтэнштэйне, Азербайджане, Македоніі, Малдове, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Швейцарыі, Харватыі і Чэхіі.
Максімальныя 0,8 праміле — у Люксембургу, Ірландыі, Брытаніі і Мальце. У суседніх з намі Латвіі — 0,5 праміле, Літве — 0,4 праміле, у Польшчы — 0,2.
А ў Нямеччыне дапушчальны ўзровень — 0,5 праміле, але калі кіроўца патрапіў у здарэнне, то яго пакараюць ужо за любое ўтрыманне алкаголю ў крыві.