У Беларусі з'явіцца яшчэ адзін перадвыбарны блок?

Чатыры патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты правялі сустрэчу на Гродзеншчыне ў вёсцы Бершты. Яе зладзілі лідар руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, незалежны палітык Алесь Міхалевіч і прэтэндэнт ад “Зялёных” Юры Глушакоў.
Палітыкі абмеркавалі палітычную і эканамічную сітуацыю ў краіне. Як распавёў у каментары Еўрарадыё Рыгор Кастусёў, удзельнікі сустрэчы не выбіралі між сабой аднаго прэтэндэнта у прэзідэнты.

Кастусёў: "Паміж намі чатырма ўзнік давер адзін да аднаго. Вырашылі сустрэцца і паразмаўляць. Сустрэча скончылася паспяхова. Проста ёсць дамоўленасць пра супрацоўніцтва ў будучай выбарчай кампаніі. Без вызначэння агульных пазіцый было цяжка. Цяпер мы іх вызначылі”.

Падрабязныя вынікі сустрэчы хаваюцца ў сакрэце. Як паведаміў Еўрарадыё Алесь Міхалевіч, іх абвесцяць на адмысловай канферэнцыі па меры развіцця падзеяў.