У Беларусі з'явілася федэрацыя фларболу

Грамадскае аб'яднанне "Федэрацыя фларболу" зарэгістраваў 11 чэрвеня Мінскі гарвыканкам. Арганізацыя будзе займацца развіццём фларболу ў Беларусі. У Беларусі фларбол з'явіўся ўвосень 2005 года на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры. У сярэдзіне красавіка 2008 года ў Санкт-Пецярбургу ў рамках міжнароднага турніру "Кубак Гагарына" зборная Беларусі правяла свой першы афіцыйны матч.

30 лістапада 2008 года стартаваў першы розыгрыш Беларускай фларбольнай лігі. У ім прынялі ўдзел сталічныя каманды "Вендэта", "Партызан", і "Дынаміт".

Як інфармуе БЕЛТА, фларбол — разнавіднасць хакея з мячом у зачыненым памяшканні. 11 снежня 2008 года фларбол прызнаны Міжнародным алімпійскім камітэтам.