У беларускай АЭС будзе расійскі рэактар

«Росэксімбанк» гатовы даць звязаны крэдыт у 2 мільярды долараў пад набыццё абсталявання для пабудовы беларускай атамнай электрастанцыі. 
Такім чынам рэактар беларускай АЭС непазбежна будзе расійскім. Вядомы беларускі эколаг Валерый Дранчук у інтэрв’ю «Еўрарадыё» адзначыў, што ў гэтым ён не сумняваўся:

«Гэта будзе абсалютна ніякі не еўрапейскі праект, гэта будзе а-ля Расія, а-ля Чарнобыль... Змяніць сітуацыю можна толькі такім чынам, што народ падымецца, на вуліцах з’явяцца людзі. І не пікеты па 10 чалавек, а дзесяткі тысяч, якія запратэстуюць».

Дранчук лічыць, што пратэст мусіць быць накіраваны не супраць АЭС, а супраць тых метадаў, якімі ўлады яе збіраюцца будаваць. Згодна з Орхускай канвенцыяй, якую ратыфікавала Беларусь, ужо даўно павінна ісці паўнавартаснае абмеркаванне гэтага пытання.

Аднак, паводле словаў Валерыя Дранчука, «усё вырашаецца кулуарна, рашэнні прымае адзін чалавек».