У беларускай апазіцыі мала шанцаў трапіць у "Еўранэст"

14 студзеня ў Брусэлі з удзелам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі адбываецца першае паседжанне працоўнай групы па фармаванні "Еўранэста" — парламенцкай асамблеі праграмы Еўрасаюзу "Ўсходняе партнёрства". Пакуль невядома, ці будзе ў "Еўранэсце" прадстаўленая беларуская апазіцыя, пра што  ішлі гарачыя дыскусіі ў 2009 годзе, адзначае "Беларускі партызан".

На думку палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, шанцы  патрапіць у "Еўранэст" у беларускай  апазіцыі сёння нават больш прывідныя, чым былі раней. Эксперт мяркуе, што гэта звязана з тым, што апазіцыя перастала быць адзінай — акрамя Аб'яднаных дэмакратычных сілаў з'явіўся "Беларускі незалежніцкі блок". "Калі будзе прадстаўлена адна частка апазіцыі, а іншая не будзе, тое гэта будзе нелагічна. І хто будзе вызначаць квоту?", — адзначае Якаўлеўскі.

Разам з тым эксперт не мае вялікага аптымізму і наконт усёй праграмы "Ўсходняе партнёрства", бо яна не набыла рэальных контураў. Нягледзячы на тое, што ўжо заяўлена пра фінансаванне праектаў, кажа Якаўлеўскі, пад вялікім сумневам нават рэалізацыя ўжо абвешчаных праектаў, дый іх фінансаванне не тое, на якое разлічвалі ўдзельнікі "Ўсходняга партнёрства". Пазіцыя ЕС складаецца не ў тым, каб удзельнікаў "Усходняга партнёрства" ў агляднай будучыні зрабіць чальцамі Еўрасаюза, а проста забяспечыць свае межы, каб гэтыя суседзі не заміналі ціха жыць, мяркуе палітычны аглядальнік.