У беларускіх рэках з’явіліся новыя віды рыб

Сёлета на Дняпры падчас навуковага даследавання вылавілі рыбу нябачанага раней у Беларусі віду, піша “Наша Ніва”. Гэта іголка-рыба пульхнашчокая (Syngnathus abaster). Водзіцца яна ў Чорным, Азоўскім і Каспійскім марах. Рыба мае танклявае, падобнае да іголкі цела — цёмна-шызае са светлымі папярочнымі палосамі. Толькі за два папярэднія гады ў нашай краіне выявілі шэраг новых відаў рыбаў— печкура белапёрага, бычка-цуцыка, калюшку паўднёвую малую, шчыпоўку залацiстую. У Беларусі ўжо шырака распаўсюдзіліся такія чужародныя віды, як таўсталобік і ратан-галавешка. Яны добра прыстасоўваюцца да ўмоваў беларускіх вадаёмаў і складаюць канкурэнцыю прадстаўнікам аўтахтоннай фаўны.

Палова відаў абарыгенных рыб і іншых водных арганізмаў знаходзіцца пад пагрозай знікнення. За мінулае стагоддзе ў Беларусі звяліся два дзясяткі відаў самых каштоўных рыб: асятры атлантычны ды рускі, выразуб ды бялуга, ласосі. Такім чынам, хоць у нас і з’явіліся новыя рыбы, агульная колькасць відаў скарачаецца.