У Бешанковічах спілавалі дуб Напалеона

Ад старажытнага дуба ў Бешанковічах, пад якім, згодна з мясцовым паданнем, у 1812 годзе французскі імператар Напалеон І пазіраваў мастаку, застаўся толькі ствол. Усе магутныя галіны дрэва ўжо зрэзаныя, паведамляе сайт Народныя навіны Віцебска. Паводле словаў навуковага супрацоўніка Бешанковіцкага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Анатоля Крачкоўскага, дуб пачалі пілаваць 28 кастрычніка. У камісію, якая нібыта дала дазвол на знішчэнне помніка прыроды, нікога з музея не запрашалі. У раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя цвердзяць, што дуб нібыта можа паваліцца, таму яго спілавалі.

Знішчанае дрэва мела 30 метраў у вышыню і ў 2 метры ў таўшчыню.