У бліжэйшыя гады Мінск чакае дэфіцыт працоўных рэсурсаў

У Мінску ў бліжэйшыя гады можа ўзнікнуць дэфіцыт працоўных рэсурсаў. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Чэслаў Роўба.
Ён растлумачыў, што на колькасці працоўных можа адмоўна адбіцца нізкі ўзровень нараджальнасці 1990-х гадоў.

Найбольш востра ў сталіцы ўжо цяпер адзначаецца попыт на рабочую сілу. Штомесяц у сярэднім каля 2 тысяч прадпрыемстваў падаюць у службу занятасці звесткі аб наяўнасці вольных вакансій.

Цяпер у базе дадзеных налічваецца каля 25 тысяч вакансій, з іх 19 тысяч — па працоўных спецыяльнасцях. Пры гэтым 25% вакансій — па будаўнічых спецыяльнасцях. Для вырашэння праблемы распрацаваны комплекс мер.

У прыватнасці, плануецца штоквартальна праводзіць кірмашы вакансій.

БЕЛТА