У Браславе праходзіць фэст сярэднявечнай культуры "Меч Брачыслава"

Як паведамляе БелаПАН, фэст прымеркаваны да святкавання 945-годдзя Браслава. Сярэднявечнае свята задуманае як першы ў Беларусі фэст, у якім аб'яднаны адразу два напрамкі гістарычнай рэканструкцыі — рыцарскія турніры і старадаўнія рамёствы. Замкавая гара ў гістарычным цэнтры Браслава на два дні ператварылася ў сярэднявечны горад. У ім у шатрах будуць жыць рыцары, рамеснікі і музыкі. Гледачы ўбачаць рыцарскія турніры і бугурты, інсцэніроўку легенды пра заснаванне Браслава. На фэст прыехалі шэсць рыцарскіх клубаў з розных гарадоў Беларусі.

Рамеснікі, якія працуюць у напрамку "жывой археалогіі", прадэманструюць здабычу агню архаічным спосабам, майстэртва ткацтва, апрацоўку косткі, крэменю, адліўку з металу ды іншыя тэхналогіі, якія выкарыстоўвалі нашы сярэднявечныя продкі.

У фэсце таксама ўдзельнічаюць археолагі, якія прадэманструюць спосабы кансервацыі керамікі і распавядуць пра методыку археалагічнага раскопа.

Госці свята таксама пачуюць сярэднявечную музыку ў выкананні беларускіх груп Terrae vagancika, Testamentum terrae, Сornucopia, "Няміга", пакаштуюць сярэднявечныя стравы, паўдзельнічаюць у сярэднявечных гульнях, танцах, забавах.