У Брэсце абмяркоўвалі альтэрнатыўную службу

Круглы стол на тэму “Альтэрнатыўная служба ў Рэспубліцы Беларусь” адбыўся ў Брэсце ўвечары ў сераду. Вось што паведаміў Еўрарадыё кіраўнік абласной арганізацыі “Маладыя дэмакраты” (моладзевае крыло АГП) Уладзімір Вуек
"Два месяцы таму мы зладзілі маніторынг працы прызыўных камісіяў. Апытвалі маладых прызыўнікоў, людзей, хто ўжо служыў. Накіравалі запыты ў ваенныя камісарыяты. Выявілася такое парушэнне: прызыўныя камісіі не інфармуюць маладых людзей пра тое, якія медыцынскія супрацьпаказанні для вайсковай службы, пра магчымасці альтэрнатыўнай  грамадзянскай службы, якую дае артыкул 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь".

Спадар Вуек сказаў, што падобная праца праведзеная таксама ў Гродзенскай вобласці.

Нагадаем, у лютым сёлета Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніку Саўбеза Леаніду Мальцаву распрацаваць закон аб альтэрнатыўнай вайсковай службе. Новы дакумент мусіць заканадаўча аформіць катэгорыю асобаў, якія з рэлігійных прычынаў не могуць браць у рукі зброю. У верасні ўрад прадставіць на абмеркаванне Палаты прадстаўнікоў праект закона аб альтэрнатыўнай службе.