У Брэсце ад моцнага ветру ў раку зваліўся кран

Брэст і 14 раёнаў Брэсцкай вобласці пацярпелі ўчора ўвечары ад моцнага ветру.
Як паведаміў памочнік начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, у Брэсце з траўмай пазваночніка і пабітай грудной клеткай шпіталізаваны мужчына, на якога звалілася дрэва.

Ад паваленых дрэў таксама пацярпелі чатыры аўтамабілі і тры балконы ў жылых дамах. На вуліцы Набярэжнай была пашкоджана наземная лінія газаправода.

Ён быў аператыўна адноўлены тым жа вечарам. На вуліцы Стафеева перакуліўся ў раку Мухавец казлавы кран, што належыць Брэсцкаму рачному порту. У кожным з пацярпелых раёнаў працуе камісія па надзвычайных сітуацыях.

Учора ўвечары ў Брэсце адбылося экстраннае пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пры гарвыканкаме.

У пацярпелых раёнах працягваюць працаваць аварыйна-аднаўленчыя брыгады. Маштабы наступстваў штармавога ветру і нанесенага матэрыяльнага ўрону ўдакладняюцца.