У Брэсце ДАІ ладзіць акцыю разам з байкерамі

Акцыя прысвячаецца пачатку мотасезона і называецца “ДАІ і мотацыклісты – разам за бяспеку”. Начальнік аддзела прапаганды абласной аўтаінспекцыі капітан Наталля Сахарчук сказала Еўрарадыё, што акрамя Беларусі ў свяце прымуць удзел прадстаўнікі яшчэ пяці краінаў.

Сахарчук: "Гэтым разам мы чакаем каля 300 матацыклістаў. Будуць байкеры з іншых дзяржаваў: з Украіны, Польшчы, Латвіі, Літвы, Расіі. Сёлета, на жаль, мы будзем мець праблемы з мотатранспартам, бо ў Беларусь з-за таго, што павышаюцца мыты на аўтатранспарт з-за ўтварэння Мытнага саюза, увезеная вялікая колькасць мотатэхнікі".

Суботняя акцыя - гэта пралог да штогадовага байкерскага фестывалю, які праводзіцца ў Брэсце напрыканцы траўня і збірае тысячы байкераў. Акцыя ўключае конкурсы, праезд калоны байкаў па горадзе і наведванне дзіцячага сацыяльнага прытулку, якім апякуецца дзяржаўтаінспекцыя. Пачатак а 14-й гадзіне каля Лядовага палаца. Удзел могуць браць усе ахвотныя.