У Брэсце міліцэйскі УАЗ стукнуўся ў дрэва (фота)

Аварыя адбылася паабедзе 25 студзеня. Сайт real.brest спасылаецца на словы начальніка аддзела агітацыі і прапаганды Брэсцкай абласной дзяржаўтаінспекцыі Наталлі Сахарчук, што за стырном быў малады кіроўца без досведу, які не справіўся з кіраваннем.


 
На фота бачна, што ў аўтамабіля ад удару цалкам адкрыўся капот. На пярэдняй ветравой шыбе справа  насупраць  месца пасажыра бачная характэрная круглая пляма з сеткай расколін ад удару знутры.



У брэсцкай блогасферы з’явіліся каментары меркаваных сведкаў. Яны пішуць, што нібыта спачатку з пабітага аўтамабіля выскачылі  два міліцыянты ў шокавым стане. Яны пацерлі твары снегам, потым вывелі з задняй часткі салона дзвюх дзяўчын. Найхутчэй, іх некуды ў спешным парадку падвозілі.



Заўважым, што акурат перад месцам дарожна-транспартнага здарэння знаходзіцца пешаходны пераход.



Вядзецца расследаванне.