У Брэсце можна нажабраваць 50 тысячаў у дзень

Карэспандэнт Еўрарадыё высветліў, што жабракі збіраюць грошы на ежу, на навучанне, лячэнне і нават на паліва. Людзей з працягнутай рукой у горадзе нямала. Яны стаяць у людных месцах: ля цэркваў, вялікіх крамаў, на кірмашы. Сляпы чалавек стаяў пад дзвярыма Калгаснага рынка. Калі карэспандэнт "Еўрарадыё" прыладзіўся  яго сфатаграфаваць, прыбегла маленькая жанчына і за рукаў пацягнула невідушчага прэч. Аднак удалося гэтых людзей разгаварыць. Пажаліліся, што ў іх халодны шчытавы дом, на ўтрыманне якога трэба неяк зарабляць.

Жонка сляпога: - Дык трэба аддаць цяпер за торф дзвесце тысячаў, а дзе іх узяць?

Еўрарадыё: - А Вам хто-небудзь дапамагае?

Жонка:
- Ніхто не дапамагае. Калгас той на ладан дыхае. Пяты ўжо старшыня. Не, шосты. Развалілі, дык іх замест каб панізіць, павысілі. Няма справядлівасці!

Каля сходаў просіць міласціну інвалід у вазку. Пытаю, што змушае тут стаяць.

Інвалід: – Дык што тая пенсія – лухта! А есці хочацца.

Непадалёк на людным пераходзе карэспандэнт Еўрарадыё заспеў каларытную пажылую жанчыну:

Еўрарадыё:
– Чаму просім?

Жанчына: – Дык унукі ў мэнэ учацца… Славык за учытэля дэтэй учыть (гэто молодшый), а старшый дык аж у Мінск поступыв. А в дочкы давленіе…

Еўрарадыё: – Дык Вы што, унукам на вучобу збіраеце?

Жанчына:
– І собі поісты і ўнукам.

Еўрарадыё: – І колькі за дзень атрымліваецца сабраць?

Жанчына: – Тысяч пятнаццаць… дваццаць.

А вось якія зборы ў іншых брэсцкіх жабракоў:

Старая жанчына на рынку: – Ой, шмат не даюць, і ўсё дробнымі па дзесяць – дваццаць рублёў. Тысяч пятнаццаць, а калі позна прыйдзеш, дык і дзесяць. Многа не даюць.

Невідушчы: – Тысяч пяцьдзясят можна сабраць, калі добра даюць.

З другога боку царквы, хаваючыся ў доўгую хустку, брала грошы вольнай рукой маладая жанчына. Правай рукой трымала немаўля. Карэспандэнт Еўрарадыё спытаў, чаму просіць.

Жанчына: – Хлеба купіць. Я з прыгарада Брэста. Няма працы. І родных няма нікога.

Жанчына не надта хацела фатаграфавацца. Затое атрымалася сфатаграфаваць дзвюх маладзіц з дзецьмі на прыступках пешаходнага мастка да чыгуначнага вакзала. Там жа ўдалося атрымаць і крыху інфармацыі пра сацыяльную дапамогу.

Старэйшая: – Дэты голодныі хліба просйат.

Еўрарадыё: – А дапамагае Вам хто? Дзяржава? Ініцыятывы якія?

Старэйшая: - Ой мамко, ныхто нам не помогает, жывэм як можэм. Та Вы ліпш у ей распытайтэся.

Малодшая:
- Помогают. Люды в Брэстэ коло цэрквы, батюшка…

Карэспандэнт Еўрарадыё папрасіў дазволу на фота. Маладзейшая згадзілася, але схавалася за дзіця. Згадваецца старая песня: "Сам я з-па-над Буга, ня маю ні каня, ні плуга".

"Еўрарадыё" збіраецца і далей сачыць за лёсамі людзей з маргінэсу.