У Брэсце назіральнікам за галасаваннем даводзіцца карыстацца біноклямі

На выбарчым участку № 98 у Брэсце назіральнікі вырашылі скарыстацца біноклямі і падзорнай трубой, каб сачыць за ходам датэрміновага галасавання.

На гэтым участку месцы, адведзеныя для назірання, знаходзяцца на адлегласці каля васьмі метраў ад стала выдачы бюлетэняў і скрыні для галасавання. Гэта не дазваляе назіральнікам паўнавартасна сачыць за тым, як ідзе выдача бюлетэняў выбаршчыкам і што адбываецца ля сталоў, за якімі сядзяць сябры ўчастковай камісіі.

Як распавёў назіральнік Дзяніс Турчаняк, пасля размовы са старшынёй ўчастковага выбаркама была дасягнутая дамоўленасць, каб стол назіральнікаў перанеслі на тры метры бліжэй, але кардынальна сітуацыю гэта не змяніла, кажа Турчаняк.Такое становішча і выкарыстанне бінокляў назіральнік лічыць ненармальным, аднак дамагчыся таго, каб у гэтых удзельнікаў выбарчага працэсу была магчымасць зблізку назіраць за працай сябраў камісій, пакуль не атрымліваецца, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".